11.04.2025
У гэтым годзе ААТ “Акр-Агра” адзначае юбілей. Успомнім, як адбывалася станаўленне прадпрыемства
У гэтым годзе ААТ “Акр-Агра” адзначае салідны юбілей. Аднаму з вядучых прадпрыемстваў аграпрамысловага комплексу Свіслацкага раёна, якое стала пераемнікам справы калгаса імя Леніна, спаўняецца 85 гадоў. Успомнім, як адбывалася яго станаўленне.
Напярэдадні вайны на Свіслаччыне пачалі ствараць сельскагаспадарчыя прадпрыемствы. Такім чынам, у 1940 годзе на землях сучаснай гаспадаркі з’явіліся калгасы: імя Калініна – у вёсцы Ганчары, імя Варашылава – у вёсцы Ранявічы, “Чырвоная зорка’’ – у вёсцы Пацуі. У 1945 годзе, пасля вызвалення Свіслаччыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, у вёсцы Юбілейная быў арганізаваны калгас імя Леніна. У красавіку 1950 года ў яго склад увайшлі вёскі Ранявічы, Дуброва, Пацуі, у 1951-м далучыўся калгас імя Калініна. Характэрна, што ў 50-х гадах калгасы былі не толькі ў кожнай буйнай вёсцы раёна. Сельгасарцелі ствараліся нават у невялікіх бесперспектыўных вёсках. Яны, зразумела, не маглі працаваць эфектыўна. Не хапала тэхнікі і мінеральных угнаенняў. Машынна-трактарная станцыя (MTС) не магла забяспечыць усім гэтым калгасы на асноўных сельскагаспадарчых работах, не кажучы ўжо пра другасныя. У 1951 годзе і ў наступныя гады было прынята рашэнне аб паступовым пашырэнні калгасаў. Такім чынам, у 1958 годзе ў склад калгаса імя Леніна ўвайшлі вёскі Дварчаны, Ражкі-1, Рудаўка. Да гэтага жыхары названых населеных пунктаў былі ў калгасе імя Сталіна. 2003 год стаў яшчэ адной важнай вехай у гісторыі гаспадаркі. У гэтым годзе адбылося яго ўзбуйненне за кошт далучэння калгаса “Савецкая Беларусь”. Сваю цяперашнюю назву прадпрыемства набыло ў 2004 годзе. Цяжкі пасляваенны час станаўлення выпрабавалі калгасы на сабе. Практычна з нуля прыйшлося падымаць сельскую гаспадарку. Галоўнай рабочай сілай былі коні. А галоўнымі і адзінымі прыладамі працы былі плуг, барана, просценькі культыватар, каса ды серп. Першае з чаго пачалі – будаўніцтва жывёлагадоўчых памяшканняў і крытых такоў на аснове хлявоў калгаснікаў. Паступова жыццё наладжвалася. І ўжо ў 1988 годзе калгаснікі заявілі аб сабе на рэспубліканскім узроўні. Калгас выйшаў пераможцам у рэспубліканскім сацыялістычным спаборніцтве па вытворчасці і продажы бульбы дзяржаве, атрымаўшы па 253 цэнтнеры з гектара“другога хлеба”. Яму быў уручаны пераходны Чырвоны сцяг ЦК КПБ. З дня ў дзень, з году ў год закладваўся падмурак прадпрыемства. На працягу ўсяго свайго існавання – гэта адна з вядучых гаспадарак раёна. Усё, што зроблена і дасягнута, – вынік намаганняў тых, хто працаваў ад цямна і да цямна на чыстым энтузіязме ў гады станаўлення калгаса, нічога не чакаючы ўзамен, і тых, хто сёння працягвае працоўную эстафету, пераняўшы яе ад сваіх дзядоў і бацькоў. Гісторыя гаспадаркі – у ззянні ордэнаў на грудзях яе людзей, прывесах і надоях, у высокіх ураджаях хлеба.