Галоўная / Навiны / Навiны раёна
08.04.2024

Дзве пяцёркі за сумеснае жыццё

Пяць гадоў таму яны адзначылі свой залаты юбілей. З такой нагоды ў раённым аддзеле ЗАГС было наладжана свята. Сям’я Шамрукоў, а таксама яшчэ чатыры “залатыя” пары былі запрошаны на ўрачыстасць, каб праз пяцьдзесят гадоў зноў зарэгістраваць свой шлюб і яшчэ раз падкрэсліць, што паўстагоддзя назад выбар быў зроблены правільна. Аб тым, што ён не быў памылковым, Адам і Вікторыя Шамрукі не мелі сумнення ніколі. З тых пор, як яны сустрэліся ў Навадворскай школе, куды былі напраўлены настаўнікамі матэматыкі, і неўзабаве пабраліся, і да сённяшніх дзён светлае пачуццё любові, павагі і ўзаемаразумення  не згасла  ў іх. Наадварот, тыя два любячых сэрца даўно сталі адным гарачым і трапяткім.

І “ляпілі” з іх вундэркіндаў

Іх сямейны саюз – гэта той рэдкі выпадак, калі двое звязаны адной мэтай, аднымі думкамі, адным імкненнем прыносіць карысць людзям. Яны абодва былі настолькі адданыя сваёй працы, што многія проста дзіву даваліся. Гэта быў неверагодны матэматычны тандэм, які рабіў сапраўдныя цуды. Дзеці, якія часам не вельмі цягнуліся да вучобы, былі проста зачараваны ўрокамі матэматыкі. Мала таго, што яны з захапленнем рашалі задачкі і прыклады на ўроках, дык яшчэ ў выхадны дзень беглі да настаўнікаў, каб пахваліцца дакладна зробленым хатнім заданнем, парашаць новыя задачкі і проста пагуляць у шахматы ці ў шашкі з любімым настаўнікам. Той быў заўсёды рады вучням, ніколі не лічыўся з часам, падказваў, тлумачыў, падтрымліваў, заахвочваў.

Вікторыя Фёдараўна вяла матэматыку ў 5-7 класах. Яна першая перадавала вучням “вірус” любові да прадмета. Яго падхоплівалі ўсе, толькі адны “заражаліся” адразу, а з другімі трэба было трошкі пасядзець, аддаць больш часу. У 8-ы клас сваіх вучняў настаўніца аддавала Адаму Антонавічу, а ўжо ён сваім дарам ад Бога ўмела “ляпіў” з іх вундэркіндаў. Яго вучні не раз былі пераможцамі алімпіад па матэматыцы, як абласных, так і рэспубліканскіх. А настаўнік ганарыўся іх перамогамі. Акрамя асноўных урокаў, у школе працаваў матэматычны гурток, які вёў, зразумела, Адам Антонавіч. Якія вынікі? З Навадворскай сярэдняй школы выйшлі ў свет 11 шамруковых вучняў, якія атрымалі вучоную ступень. Займаюць высокія пасады ў вучоным свеце і па сёння памятаюць  сваіх былых настаўнікаў. Валера Раманоўскі, які жыве і працуе ў Славеніі, Віталь Мархалюк, Віктар Цюлееў, Юра Ганчарэвіч, калі прыязжаюць у раён, абавязкова наведваюць Адама Антонавіча і Вікторыю Фёдараўну.

Прыязжаюць, шчыра дзякуюць, прывозяць гасцінцы, а сэрцы старэнькіх настаўнікаў млеюць ад шчасця, і радасцю свецяцца вочы. Добрае шматгадовае сяброўства ў Адама Антонавіча і Вікторыі Фёдараўны і з дырэктарам Навадворскай школы Алай Іванаўнай Ганчарэвіч, якая, дарэчы, таксама была некалі вучаніцай Шамрукоў. Яны часта размаўляюць па тэлефоне, успамінаюць былыя гады.

Іх  методыку выкладання не заўсёды разумелі, не заўсёды падтрымлівалі, але, не гледзячы ні на што, Шамрукі не зыходзілі з намечанага шляху, не збаўлялі тэмпу і ўсе свае веды, усю любоў аддавалі дзецям. Ніколі не шукалі славы, не рваліся да яе, проста цалкам прысвяцілі сябе любімай справе.

Адам Антонавіч у свой час быў членам журы рэспубліканскіх алімпіяд, задачы, складзеныя навадворскім настаўнікам, уваходзілі ў алімпіядныя заданні. Матэматык узнагароджаны нагрудным знакам “Знак Пашаны”, мае шмат ганаровых грамат. Інфармацыя пра Адама Шамрука занесена ў ІІ выпуск міжнароднай энцыклапедыі “Лучшие люди”, якая была выпушчана ў 2012 годзе.


Багацце – дзеці і ўнукі

Гэта ўсё пра працу, якая амаль цалкам завалодала жыццём гэтых Настаўнікаў з вялікай літары. Амаль, таму што, галоўным у іх жыцці былі і застаюцца сям’я, дзеці і ўнукі.

Вікторыя падарыла мужу трох сыноў. Яны – іх гонар, радасць, сэнс жыцця. Старэйшы Алег жыве і працуе ў Клецкім раёне. Скончыў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Я. Купалы. На жаль, у яго хворае сэрца. Нядаўна перанёс аперацыю. Таксама гадуе трох сыноў. Усе трое маюць матэматычныя здольнасці. Старэйшы Афанасій вучыцца ў медыцынскім універсітэце і паралельна працуе ў Дзятлаве на “хуткай дапамозе”. Сярэдні Серафім служыць у арміі. Трэці сынок  Ціхан вучыцца ў Мінску ў БДУІР.

 Малодшы сын Шамрукоў Александр кончыў БДУ, эканамічны факультэт. У яго дзве дачушкі – Паліна і Каця. Старэйшая ў 11 класе. Круглая выдатніца. Кацярынка – у трэцім. Таксама выдатніца. Да таго ж абедзве займаюцца танцамі ў харэаграфічным ансамблі “Харошкі”.

А вось сярэдні, Юрый у Расіі. Ён выбраў для сябе служэнне Богу. Мае свой прыход у Мажайску. Яны з жонкай гадуюць 11 дзяцей. Старэйшай дачушцы Рахель – 25. Яна апошні год вучыцца ў кансерваторыі. Перад паступленнем у яе быў складаны выбар: матэматыка альбо музыка. Урэшце музыка перамагла. Сын Мікалай – у арміі. У яго, як адзначыла бабуля, разумныя рукі. Гэтымі рукамі ўнук можа зрабіць усё, на што ні гляне. Вельмі здольны да тэхнікі.

Унучка Еўдакія вучыцца ў Маскоўскім універсітэце на матэматычным факультэце. Унук  Фёдар пасля школы паступіў вучыцца завочна і пайшоў працаваць. Ганначка таксама вельмі цягнецца да матэматыкі, з’яўляецца пераможцам шматлікіх алімпіяд, у гэтым годзе скончыць школу. Алёша, Ваня і Марыйка  паспяхова вучацца ў школе.  Унучак Васілёк таксама вельмі здольны да матэматыкі, гуляе ў шахматы, як сапраўдны гросмайстар, але… Але быў час, калі хлопчык  перад школай ніяк не хацеў падружыцца з чытаннем, ну проста слухаць пра яго не хацеў. Што было рабіць? Прывезлі Васілька да бабулі (як ні круці, а яна педагог з вопытам). Спачатку і ў бабулі справа ішла вельмі слаба. А дакладней, зусім не ішла. Хоць гулялі яны ў школу як мае быць. Бабуля была настаўніцай, дзед – дырэктарам школы, а сястрычка – інспектарам аддзела адукацыі. Не, не памагло! Але тут патрапіла бабулі на вочы кніга “Большая энциклопедия дошкольника”. Пачала гартаць і вычытала-такі спосаб, як прыахвоціць унука да чытання. Стала Васільку цікава. Нават вочкі заблішчалі. А тут і бібліёбус пад’ехаў пад самую хату. Выбраў Васілёк сабе тры кніжкі з казкамі і стаў чытаць. Во як! А праз некалькі дзён пашкадаваў нават, што мала кніжак узяў. Зараз у хлопчыка праблем няма з чытаннем. Ён вучыцца ў першым класе ды ў такой школе, дзе за адзін год можна скончыць два класа.

Самыя малодшыя ўнучачкі Ніна і Соф’юшка яшчэ маленькія. Ходзяць у дзіцячы сад.

Усіх разам у Адама Антонавіча і Вікторыі Фёдараўны 16 унукаў. Гэта галоўнае багацце дзядулі і бабулі! Кожны год яны прыязджаюць у вёску Каліноўская да дзеда з бабуляй. І тады іх хата звініць дзіцячымі галасамі, а сэрцы напаўняюцца неперадавальнай радасцю.

Добрыя, шчырыя, сціплыя

Яны не жывуць у шыкарным асабняку з дарагімі мэблямі і дыванамі. У іх невялікая хатка, якая засталася ад бацькоў Вікторыі Фёдараўны. Добрыя, шчырыя, вельмі сціплыя людзі. Яны выгадавалі добрых дзяцей і таму лічаць, што жыццё пражылі не дарэмна. Не сорамна сынам за бацькоў, а ўнукам за дзядулю з бабуляй.  Ніколі нікому яны не жадалі зла, ніколі нікому не зайздросцілі, не шукалі выгады, не гналіся за грашыма. Галоўным прыярытэтам для Адама і Вікторыі быў і застаецца Бог. З Ім яны звяраюць кожны свой дзень, Яму дзякуюць за дзяцей, за ўнукаў, просяць для іх благаславення, здароўя і шчасця. Наогул, як лічыць Вікторыя Фёдараўна, калі б людзі жылі і выхоўвалі дзяцей з Богам, то наколькі свет быў бы дабрэйшым і святлейшым. Тады не было б самотных бацькоў, ад  якіх адракліся дзеці, не было б дзяцей, матулі якіх забыліся пра сваё святое прызначэнне. Не было б столькі зла на свеце, столькі варожасці, жорсткасці.

Сям’я Шамрукоў у канцы красавіка адзначыць свой 55-гадовы юбілей. Гэта значыць, што ім за сумеснае жыццё шчаслівы лёс паставіў дзве вялікія пяцёркі. Гэта па былой пяцібальнай сістэме. А сёння ж дзесяцібальная. Дай жа Бог, каб яны і па цяперашняй сістэме атрымалі выдатную адзнаку.

Я пакідала хату Адама Антонавіча і Вікторыі Фёдараўны Шамрукоў з думкаю, што менавіта Гасподзь падарыў мне гэтую сустрэчу з імі, дазволіў дакрануцца душою да іх чыстых сэрцаў, напіцца, як жывой вады з крыніцы, іх дабрыні і гасціннасці, сагрэцца іх цеплынёю і шчырасцю. За што я бясконца Яму ўдзячна.

Ядвіга КОБРЫНЕЦ

Фота з архіва сям’і Шамрукоў і “СГ”