Версия для печати
Размер шрифта:
Фото
Печатать

Слаўся, зямлі нашай светлае імя

18.09.2024
Слаўся, зямлі нашай светлае імя
Сёння Свіслач разам з усёй Беларуссю святкуе Дзень народнага адзінства. Гэта не проста дзяржаўнае свята, а важны сімвал нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў. Ён аб’ядноўвае людзей вакол агульных каштоўнасцей і нагадвае аб важнасці і захаванні гістарычнай памяці. Свята, якое прасякнута гонарам за сваю любімую краіну, за яе краявіды, за людзей,якія тут жывуць, працуюць, робяць усёмагчымае,каб наша Беларусь з года ў год была яшчэ больш квітнеючай і шчаслівай.

Гэтай думкай былі аб’яднаны ўсе, хто прыйшоў на ўрачысты мітынг “Я – грамадзянін народнага адзінства”, які адбыўся на гарадской плошчы.

З прывітальным словам да свіслачан звярнуўся старшыня Свіслацкага райвыканкама Аляксандр Вярсоцкі.


– Ад сябе асабіста і ад імя Свіслацкага раённага выканаўчага камітэта хачу павіншаваць вас з адным з самых маладых, але вельмі знакавых свят – Днём народнага адзінства, – сказаў кіраўнік раёна. – Гэта дзень, калі два браты, штучна раз’яднаныя, зноў зажылі пад адным дахам у адной сям’і. Хачу напомніць пра тыя гады, калі частка нашай краіны была пад абцасам паляка. Да 1939 года тут захавалася толькі адна беларускамоўная школа, праводзілася палітыка апалячвання нашых з вамі продкаў, жыхароў Заходняй Беларусі. Кажучы пра эканоміку, назаву толькі адзін факт, але ён вельмі красамоўны. Прамысловай прадукцыі ў БССР выпускалася ў 9 разоў больш, чым у Заходняй Беларусі. Толькі калі мы моцныя ў эканоміцы, маем моцныя пазіцыі ў палітычнай сферы, з намі будуць лічыцца.Хачу падзякаваць вам, свіслачане, за вашу адданасць працы, за тое, што мы з вамі робім. І няхай, можа, не такімі вялікімі тэмпамі, як нам бы хацелася, але з кожным годам мы становімся мацнейшымі. Гэта датычыць і прамысловасці, і аграпрамысловай галіны. Вялікі дзякуй вам, прадстаўнікі сілавога блока, за мір і спакой на нашых вуліцах. Супрацоўнікам сацыяльнай сферы – за клопат у розных галінах: медыцыне, адукацыі, культуры. Я вас віншую з гэтым святам. Хай над нашай краінай заўсёды будзе мірнае неба, каб два браты, якія былі раз’яднаны насуперак нашай волі, жылі ў адзінай сям’і, у Рэспубліцы Беларусь!

У гэты памятны дзень свіслачане не забыліся пра тых, хто ў гады вайны ахвяраваў сваё жыццё за наш сённяшні мірны дзень, за блакіт неба, за ўсмешкі дзяцей. Да помніка загінуўшых воінаў і партызан былі ўскладзены кветкі. Хвіліна маўчання як даніна памяці завяршыла мітынг.  



Але свята працягвалася. Усе прысутныя накіраваліся ў раённы цэнтр культуры і народнай творчасці на святочны канцэрт.


У фае была разгорнута выстава навучэнцаў Свіслацкай дзіцячай школы мастацтваў “Мой родны кут”. Перад тым, як пачаўся канцэрт,адбылося ўзнагароджанне лепшых прадстаўнікоў арганізацый і прадпрыемстваў, якія ўняслі найбольшы ўклад у арганізацыю каравай-фэста “Бацькава булка”. Ганаровыя граматы вызначаным працаўнікам ад Свіслацкага раённага выканаўчага камітэта ўручыў кіраўнік раёна Аляксандр Вярсоцкі. Ён яшчэ раз павіншаваў усіх са святам, пажадаў шчасця і дабрабыту, падзякаваў за плённую працу на карысць роднай Беларусі.








Ганаровыя граматы Свіслацкага раённага Савета дэпутатаў уручыў старшыня райсавета Віктар Суботка. Віктар Аляксеевіч шчыра падзякаваў усім, хто ўнёс сваю лепту ў арганізацыю і правядзенне каравай-фэста, павіншаваў усіх са святам.

А потым гучалі песні, музыка. Іх дарылі дарослыя і юныя артысты, і святочны настрой лунаў у глядзельнай зале, захапляючы ўсіх гледачоў.

Ядвіга КОБРЫНЕЦ

Фота аўтара

© Свислочский районный исполнительный комитет, 2024.