Версия для печати
Размер шрифта:
Фото
Печатать

Свята першага снапа – у Ханчыцах

27.06.2024
Свята першага снапа – у Ханчыцах
Зажынкі! Спакон вякоў гэта было вялікае свята ў людей, праца якіх была звязана з зямлёю. Сяляне рыхтаваліся да яго, як да найважнейшай падзеі. Хлеб урадзіў, значыць, ляжа на стол цёплы бохан, значыць, не будзе голадна ў хаце.

Сёння зажынкі – гэта толькі абрад. Але які прыгожы! Жанчынкі ў святочных уборах, у бялюткіх хустачках з сярпамі ў руках, схіляюцца над спелым калоссем. І вось ён, самы першы снапок, сагрэты сонцам, умыты дажджом, абласканы працавітымі рукамі хлебароба. Вечны сімвал жыцця – хлеб. Яму паклон да зямлі, і тым, хто яго ўзрасціў, паліваючы сваім потам.

Зажынкі ў КСУП “Ханчыцы-Нёман” таксама заўсёды вялікая падзея. Вось і сёлета на полі стаялі ў чаканні пяць камбайнаў і столькі ж машын. І камбайнёры, такія ўрачыстыя, трошкі ўсхваляваныя. Яшчэ некалькі хвілін яны сядуць за штурвалы сваіх “караблёў” і паплывуць па залатым полі, і пасыплецца ў машыны спелае зерне.


Гучыць песня, праслаўляючая працу, у выкананні гурта “Пушчанскія напевы”. З цёплымі словамі падзякі і пашаны звяртаецца да хлебаробаў дырэктар сельгаспрадпрыемства Юрый Касталомаў і яму ж уручаецца першы зажыначны сноп.





–        Я вам дзякую, дарагія хлебаробы, за вашу нястомную працу, за кожны каласок, ўзрошчаны вашымі рукамі, У мінулым годзе было кінута ў землю зерне, а сёння пачынаем збор ураджаю. Ён прапітаны вашым потам, як дажджом. Дзякуй матухне-прыродзе, за тое, што яна ацаніла ваша старанне па заслугах. У гэтым годзе ў нас зноў шыкоўны хлеб. Гэта наша багацце, гэта золата палёў, якое трэба толькі сабраць у засекі. З Божай дапамогай у нас усё атрымаецца.





Каб папрасіць у Бога благаславення, падзякаваць Яму за вялікі дар – багаты ўраджай, на зажынкі былі запрошаны праваслаўны і каталіцкі святары:настаяцель храма Нараджэння Прасвятой Багародзіцы айцец Кірыл і настаяцель касцёла Святога Францішка Асыжскага г. Свіслач айцец Антоній.




Ляціць да Бога шчырая малітва, а ў небе без адзінай аблачынкі кружыць белы бусел, сімвал дабра, міру і шчасця. Святая вада акрапляе кожнага хлебароба, кожны камбайн, кожную машыну, благаслаўляючы ў добры шлях, на “бітву” за новы ўраджай. Юрый Касталомаў прымае сімвалічны каравай, а кожнаму працаўніку поля ўручаецца “Бацькава булка” з леташняга ўраджаю. Гэта падзяка, і ўшанаванне, і наказ, каб збераглі кожнае зярнятка, каб ганарыліся сваім высокім званнем – Хлебароб!    


Ядвіга КОБРЫНЕЦ

Фота Алены ХУДЗІК

© Свислочский районный исполнительный комитет, 2024.