Главная / Новости / Новости района
26.10.2026

Чвэрць стагоддзя служэння Богу

Сённяшні дзень для вернікаў касцёла Святога Францішка Асіжскага ў Свіслачы быў асабліва ўрачыстым. 25 гадоў святарства адзначыў пробашч касцёла айцец Антоній. Вакол алтара ў гэты дзень сгуртавалася вялікая духоўная сям’я. Раздзяліць радасць срэбнага юбілею прыехалі браты ў святарстве не толькі з Гродзенскай дыяцызіі, а і другіх, у тым ліку і з Санкт-Пецярбурга, дзе айцец Антоній пачынаў сваё служэнне Богу.

Урачыстасць моманту падкрэсліў удзел ганаровых гасцей. З глыбокай, натхняльнай пропаведзю у час святой імшы да вернікаў і юбіляра звярнуўся арцыбіскуп Тадэуш Кандрусевіч. Ён адзначыў, што Бог сам выбірае сваіх служыцеляў яшчэ ў лоне маці, і той шлях, які праходзіць кожны святар, асвечаны Божым святлом, Яго прысутнасцю і падтрымкай у кожнай хвіліне.

Словы духоўнага напутства і прызнання заслуг прагучалі таксама ад біскупа Гродзенскага Уладзіміра Гуляя.

Плённае служэнне айца Антонія і яго ўклад у адраджэнне духоўнасці былі адзначаны і раённай уладай. Словы падзякі святару прагучалі ад начальніка аддзела па ідэалагічнай рабоце і справах моладзі Свіслацкага райвыканкама Ірыны Паўлючэні, яна ўручыла Падзячны ліст ад імя старшыні Свіслацкага райвыканкамка. Ад імя СШ № 2 імя. М.П. Масонава выказала словы ўдзячнасці намеснік дырэктара па выхаваўчай Наталля Куліковай, якая падкрэсліла важнасць супольнай працы дзеля захавання ў падрастаючага пакалення маральных каштоўнасцей.

25 гадоў святарства – гэта тысячы выслуханых споведзяў, сотні хрышчэнняў і шлюбаў, гэта чвэрць стагоддзя чужога болю і чужой радасці, прапушчаных праз уласнае сэрца.
Служэнне айца Антонія даўно выйшла за межы парафіі, стаўшы важнай часткай духоўнага і культурнага жыцця ўсяго Свіслацкага раёна.

Самым кранальным і цёплым момантам сталі віншаванні ад парафіян. Кветкі і шчырыя словы ад дзяцей, моладзі і старэйшага пакалення пацвердзілі, што айцец Антоній стаў для вернікаў сапраўдным духоўным бацькам, у чыім сэрцы заўсёды знаходзіцца месца для францішканскай радасці, суцяшэння і падтрымкі.

Неверагодна прыгожым і запамінальным момантам сталі 25 запаленых свечак, іх цёплае, жывое святло сімвалізавала кожную малітву, кожную выратаваную душу і кожны дзень, аддадзены Богу. За апошнія пяць гадоў служэння ў Свіслачы айцец Антоній змог зрабіць нашу парафію сапраўднай духоўнай сям’ёй. Чвэрць стагоддзя служэння – гэта веха мудрасці, і свіслацкая зямля шчаслівая быць часткай гэтага благаслаўлёнага шляху.
Напрыканцы набажэнства айцец Антоній падзякаваў усім, хто прыйшоў раздзяліць з ім радасць падзеі: арцібіскупу, біскупу, братам у святарстве і кожнаму верніку за падтрымку і супольную малітоўную дарогу.

Хочацца пажадаць нашаму пробашчу моцнага здароў’я і сілы, за тое, што ён нясе людзям святло Хрыстовай веры, за тое, што частка яго прыгожага 25-гадовага шляху праходзіць менавіта тут, у Свіслачы. Няхай гэтае святло, якое ён запальвае ў сэрцах вернікаў, вяртаецца да яго сэрца сторазова! З сапраўдным і светлым святам, дарагі наш ксёндз Антоній!

Ядвіга КОБРЫНЕЦ

Фота аўтара