Главная / Новости / Новости района
28.04.2021

Гродзенскія традыцыі да свята Вялікадня

Штогод вясной у гістарычным цэнтры Гродна праходзіць рэгіянальнае свята-кірмаш вырабаў рамеснікаў «Гродзенскія традыцыі да свята Вялікадня». Удзел у ім актыўна прымаюць і нашы майстры – аддзел рамёстваў і традыцыйнай культуры Свіслацкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці.

Па традыцыі святочны кірмаш збірае майстроў народнай творчасці, носьбітаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны з усёй Гродзеншчыны. Ганаровыя ўдзельнікі кірмашу – носьбіты нематэрыяльнай культурнай спадчыны вобласці, чыя творчасць уключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Вярба, яйкі-пісанкі, святочныя сувеніры, паштоўкі ручной работы, саламяныя кошыкі, сурвэткі з велікоднай сімволікай, традыцыйная выпечка – на кірмашы можна знайсці і набыць усё неабходнае да Вербніцы і Хрыстова Уваскрэсення. Свята дазваляе і палюбавацца творамі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, зробленымі прафесіяналамі справы, і самім паўдзельнічаць у майстар-класах па роспісу велікодных яек па ўнікальнай старадаўняй тэхналогіі, вырабе вербаў, ткацтву, пляценні паясоў, зрабіць памятны сувенір з саломкі і незвычайныя карункі з простай белай паперы.






Фальклорныя калектывы Прынёмання тут дораць гасцям велікодныя песні. «Гродзенскія традыцыі да свята Вялікадня» – гэта выдатная магчымасць далучыцца да традыцыйнай культуры Беларусі.

Кульмінацыяй сёлетняга свята стала дэфіле ў народных строях «Мода з куфра на Вялікдзень».

Свіслачане дэманстравалі публіцы, расказала загадчык аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Аксана Васілька, навадворскі традыцыйны касцюм маладухі.

І яшчэ адна прыемнасць: майстар па саломапляценні Ірына Фунт прывезла з Гродна дыплом пераможцы адкрытага гарадскога конкурсу дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва «Велікодная вярба» ў намінацыі «Прыз глядацкіх сімпатый».

Наталля ТУРКО

Фота аўтара