Главная / Новости / Новости района
18.09.2025

Інтэрв'ю з дырэктарам Свіслацкага гісторыка-краязнаўчага музея Ксеніяй Сілік аб тым, які шлях прайшла наша краіна да здабывання і захавання сваёй дзяржаўнасці

17 верасня 1939 года. Гэты дзень называюць актам гістарычнай справядлівасці ў дачыненні да беларускага народа, падзеленага супраць яго волі ў 1921 годзе. Праз амаль два дзесяцігоддзі беларусы, якія згубілі палову роднай зямлі, страцілі сувязь з блізкімі і сябрамі, зноў сталі адзінай нацыяй, народам, які сам вершыць свой лёс. Да здабывання і захавання сваёй дзяржаўнасці наша краіна прайшла складаны шлях, поўны неймаверных выпрабаванняў. Аб жыцці ў Заходняй Беларусі пад прыгнётам Польшчы, вызваленчым паходзе Чырвонай арміі і значэнні Дня народнага адзінства для сучаснасці, расказвае дырэктар Свіслацкага гісторыка-краязнаўчага музея Ксенія Сілік.

– Ксенія Валер’еўна, як вядома з гісторыі, 18 сакавіка 1921 года быў заключаны Рыжскі мірны дагавор паміж Савецкай Расіяй і Польшчай. Згодна з ім Заходняя Беларусь, у тым ліку і наша Свіслаччына, сталі часткай Польшчы. Што гэта азначала для беларусаў?

– Гэта азначала пачатак доўгіх выпрабаванняў. Сацыяльна-эканамічнае становішча заходнебеларускіх земляў у перыяд польскага панавання было цяжкім. Польскія ўлады разглядалі іх як сваю ўнутраную калонію – “крэсы ўсходнія”. Плошча “крэсаў” складала больш за 113 тысяч квадратных кіламетраў з насельніцтвам амаль 4,6 мільёна чалавек. Развіццё Заходняй Беларусі моцна адставала ад развіцця ўласна польскіх рэгіёнаў. Скарыстаўшыся таннай сыравінай і працоўнай сілай, польскія ўлады выкачвалі нацыянальнае багацце беларускіх земляў, тым самым асуджаючы Заходнюю Беларусь на адсталасць і беднасць. У той час, як Беларуская ССР ператваралася ў паўнацэнную нацыянальную дзяржаву, эканоміка Заходняй Беларусі ў Польшчы тапталася на месцы. Аб якім развіцці магла ісці гаворка, калі польскія ўлады нават не разглядалі беларусаў як нацыянальны этнас.

 – Але ж паводле дагавора Польшча абавязвалася прадаставіць беларусам усе правы для свабоднага развіцця культуры, мовы, рэлігіі…

– На справе ўсё аказалася інакш, умовы дагавора груба ігнараваліся. Улады ўзялі курс на паланізацыю беларускага насельніцтва, праводзілі палітыку, накіраваную на знішчэнне этнакультурнай самабытнасці беларускага народа. Асабліва выразна гэта праявілася ў адукацыйнай сферы. Так, калі ў пачатку 1920-х у Заходняй Беларусі функцыянавалі дзве беларускія настаўніцкія семінарыі, восем беларускіх гімназій і каля 400 пачатковых беларускіх школ, то ў 1938-1939 навучальным годзе не засталося ніводнай беларускай школы. Прывяду прыклад з гісторыі нашага краю. 23 кастрычніка 1921 года жыхары Свіслачы і навакольных вёсак падалі заяву школьнаму інспектару Ваўкавыскага павета з патрабаваннем вучыць дзяцей на беларускай мове. Пад заявай стаяла 56 подпісаў. Напісаў гэту заяву тагачасны дырэктар пачатковай школы Фёдар Вернікоўскі. Вядома, адказ інспектара быў адмоўны і катэгарычны. А Вернікоўскі ў хуткім часе быў зволены з пасады. Польскімі ўладамі чыніліся пастаянныя перашкоды беларускім арганізацыям, якія ажыццяўлялі культурна-асветніцкую дзейнасць. Да 1939 года большасць з іх былі ліквідаваны. Пазіцыю Польшчы ў адносінах да беларускага насельніцтва адкрыта выказаў беластоцкі ваявода Генрых Асташэўскі: “Мы жадаем аднаго і настойліва патрабуем, каб гэтая нацыянальная меншасць думала па-польску. Нічога ўзамен не даваць і нічога не рабіць у іншым накірунку. Цяпер яшчэ можна беларусаў асіміляваць у адзінае рэчышча польскай культуры… Рана ці позна беларускае насельніцтва будзе паланізавана». У гэтых умовах беларусам пагражала непазбежная этнічная асіміляцыя. Сумнай была сітуацыя і ў сферы аховы здароўя. У дакладной запісцы ад 15 снежня 1939 года наркам аховы здароўя БССР Іван Новікаў пісаў: “На тэрыторыі Заходняй Беларусі было каля 3000 бальнічных ложкаў, ці 0,6 на 1000 насельніцтва супраць 3,2 у БССР”. Гэта значыць, каэфіцыент забяспечанасці бальнічнымі ложкамі ў БССР быў у 5 разоў вышэйшы. У цяжкім становішчы апынуліся рабочыя свіслацкіх гарбарных фабрык, лесапільных заводаў, прадпрыемстваў лесаапрацоўкі – нізкая аплата працы, працяглы рабочы дзень, няшчасныя выпадкі з-за нізкага ўзроўню тэхнікі бяспекі…

– Вядома, што 36 працэнтаў насельніцтва Польшчы ў межах 1921 года было не палякамі. Чаму перапісы часта паказвалі зусім 
іншыя лічбы?

– Да гэтых перапісаў трэба ставіцца скептычна. Іх нярэдка фальсіфікавалі. Ды і, трэба адзначыць, у той час многім людзям, каб жыць спакойна ці прасоўвацца па службе, выгадней было запісаць сябе палякам. Перапіс 1919-1920 гадоў увогуле задумалі з адной мэтай – даказаць польскі характар тых тэрыторый, якія Польшча захапіла на ўсходзе і не хацела аддаваць. У час перапісу 1921-га насельніцтва ўсходніх ваяводстваў часта запісвалася “тутэйшымі” – якія не маюць выяўленай нацыянальнасці, але па сваёй унутранай сутнасці нібыта палякі. Шла мэтанакіраваная палітыка паланізацыі.

– Была ж і спроба змяніць этнічны склад насельніцтва ў Заходняй Беларусі шляхам перасялення сюды палякаў?

– Адметнай з’явай таго часу стала асадніцтва: на беларускія землі масава перасялялі польскіх ваенных, якія адзначыліся ў вайне з Расіяй, цывільных каланістаў з цэнтральных раёнаў краіны. Ім урад выдзяляў вялікія зямельныя ўчасткі – да 45 га. Сярэдняя ж гаспадарка селяніна, да параўнання, складала 3 га. Агулам у Заходняй Беларусі было каля 9 тысяч гаспадарак асаднікаў. Мэта – змяніць этнічны склад насельніцтва ў памежных раёнах, паланізаваць мясцовых беларусаў, адгарадзіцца ад Савецкага Саюза надзейнай сцяной карэнных палякаў. Асаднікі і паны здзекаваліся з беларусаў, асабліва сялян. У нашай вёсцы Ятвеск быў такі жудасны выпадак: асаднік з паляўнічай стрэльбы забіў селяніна з вёскі Глушкі толькі за тое, што ў час перагону з пашы кароў адна з іх ускочыла на яго палетак. За свой злачынны ўчынак асаднік не панёс ніякога пакарання. І такіх прыкладаў былі не адзінкі. Планы каланізацыі ў Варшавы былі ўражальныя. У 1937 годзе супрацоўнікам польскага МУС Арніцкім быў падрыхтаваны сакрэтны план пад назвай “Перспектывы ўнутранай каланізацыі”. Згодна з ім прадугледжвалася перасяленне на “крэсы ўсходнія” шасці мільёнаў палякаў.

– Зразумела, усё гэта не магло не выклікаць масавага абурэння беларусаў.

– Жорсткі сацыяльны і нацыянальны прыгнёт, эксплуатацыя беларускіх рабочых і сялян, ганенні інтэлігенцыі, зневажане чалавечай годнасці ўздымалі людзей на барацьбу за свабоду і незалежнасць роднага краю, за ўз’яднанне з БССР у адзінай дзяржаве. Адразу ж супраць акупайных улад Польшчы разгортваецца партызанская барацьба. Увесну 1922 года беларускія партызаны – да 10 тысяч чалавек – перайшлі да актыўных дзеянняў. Найбольш інтэнсіўнай партызанская барацьба была на Беласточчыне і Гродзеншчыне. Самым буйным партызанскім фарміраваннем у нашым краі было злучэнне пад кіраўніцтвам Германа Шыманюка, вядомага як Скамарох. Аб баявых справах партызан ходзяць легенды. Лясныя мсціўцы палілі памешчыцкія маёнткі, сядзібы асаднікаў, рабілі налёты на паліцэйскія ўчасткі, урадавыя цягнікі, што рухаліся на Варшаву. Герман Шыманюк паслаў партызанскі ўльтыматум самому Юзэфу Пілсудскаму. Адным з намеснікаў і баявых паплечнікаў Скамароха быў вядомы на Свіслаччыне барацьбіт за Савецкую ўладу з вёскі Рудаўка Сцяпан Жабінскі. Многія жыхары пушчанскіх вёсак аказвалі партызанам дапамогу. Польскі ўрад, наполоханы размахам партызанскай барацьбы, вымушаны быў накіраваць супраць злучэння Шыманюка добра ўзброенныя часці арміі. Многія з народных мсціўцаў былі закатаваны ў засценках дэфензівы, кінуты на доўгія гады за краты турмаў, іншыя былі вымушаны пайсці ў падполле і працягваць рэвалюцыйную барацьбу.

– Сілай, якая аб’яднала змагароў за свабоду, стала Камуністычная партыя Заходняй Беларусі.

– КПЗБ была створана ў кастрычніку 1923 года. Паўсюдна, у тым ліку і ў нашым раёне, пачалі ўзнікаць партыйныя ячэйкі. Работа вялася ў складаных умовах падполля. Для ўзмацнення свайго ўплыву на працоўныя масы КПЗБ шырока выкарыстоўвала легальнае існаванне Таварыства беларускай школы. Актыўнымі партыйцамі ў Свіслачы былі Мацвей Астапчык і Канстанцін Варановіч, у Раманаўцах – Іосіф Жыўлюк, у Качках – Іван Качко і Сцяпан Турак, у Міхалках – Уладзімір Міралюбаў, у Дабраволі – Аляксандр Васіленка і Васіль Трахімік, у Дудзічах – Аляксей Крупчык, у Даранях – Канстанцін Гусянец, Аляксандр Талай, Фёдар Серада. Нялёгкі лёс яны сабе абралі, абараняючы інтарэсы народа, правы працоўных, але па-іншаму не маглі. Многія падарвалі здароўе, загінулі ў гэтай барацьбе. Іосіф Жыўлюк, Аляксандр Васіленка і Сцяпан Ліс былі вязнямі вядомага канцлагера “Бяроза-Картузская”.  Ён дзейнічаў з 1934-га па верасень 1939 года. Тут падвяргаліся катаванням тысячы палонных – камуністы Заходняй Беларусі, Заходняй Украіны і Польшчы, барацьбіты за сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне сялян. Пападалі ў канцлагер без суда і следства, абскардзіць рашэнне было немагчыма. Галоўнай задачай было зламаць людзей псіхалагічна і фізічна, сцерці як асобу, ператварыўшы ў бязмоўных рабоў, якія нават і думаць бы не маглі аб палітычнай барацьбе, адзінстве і раўнапраўі.

 – І нарэшце прыйшло доўгачаканае вызваленне і ўз’яднанне з БССР…

– 17 верасня Чырвоная арміяй перайшла мяжу паміж СССР і Польшчай і пачала свой вызваленчы паход. 19 верасня ад польскай акупацыі была вызвалена Свіслач. Няма нічога дзіўнага ў тым, што мясцовыя жыхары шчыра радаваліся савецкім воінам, сустракалі іх урачыста, з хлебам-соллю і кветкамі. Тыя падзеі займаюць асаблівае месца ў гісторыі беларускай дзяржаўнасці і беларускага народа – тэрыторыя Беларусі зноў набыла цэласнасць, адбылося канчатковае ўз’яднанне ўсяго народа ў адну дзяржаву. Адноўленае адзінства дазволіла Беларусі выстаяць у гады Вялікай Айчыннай вайны, заняць ганаровае месца ў міжнароднай супольнасці. Абсалютна правамерна, што 17 верасня – пачатак вызваленчага паходу Чырвонай арміі – адзначаецца ў Рэспубліцы Беларусь як дзяржаўнае свята. Бо, як справядліва сказаў наш Прэзідэнт, калі б не было 17 верасня 1939 года, не было б нашай краіны. Дзень народнага адзінства злучае мінулае, сучаснасць і будучыню беларускага народа. Ён нагадвае: мы заўсёды павінны быць згуртаванымі і тады пераадолеем любыя выпрабаванні. Сёння беларускі народ адзіны ў выбары стратэгічнага курса на развіццё моцнай і суверэннай краіны.

Наталля ТУРКО
Фота аўтара