Першыя сем дзён лістапада прайшлі пад знакам літаратурнага юбілею – 140-годдзя з дня нараджэння Якуба Коласа. Тыдзень так і называўся – Коласаўскі.
Памятаць аб мінулым – гэта не толькі ведаць гістарычны шлях Беларусі, дакладна называць галоўныя падзеі і даты ў жыцці свайго народа. Памятаць аб мінулым – значыць, аддаваць даніну тым людзям, якія ўнеслі важкі ўклад у развіццё роднай краіны. Такімі па праве можна назваць майстроў беларускага слова Якуба Коласа і Янку Купалу.
Восеньскі юбіляр Якуб Колас – народны паэт, класік, адзін з заснавальнікаў новай беларускай літаратуры і літаратурнай мовы, грамадскі дзеяч, патрыёт, аўтар неўміручых «Новай зямлі» і «Сымона-музыкі». Каму невядомыя яго бессмяротныя радкі «Мой родны кут, як ты мне мілы!..»?!
Асяродкам Коласаўскага тыдня ў раёне сталі бібліятэкі. З нагоды юбілею творцы тут ладзіўся шэраг культурных мерапрыемстваў. Прычым самага рознага фармату.
3 лістапада, у дзень нараджэння класіка, у бібліятэках Свіслаччыны прайшла літаратурная акцыя «Чытаем разам творы Якуба Коласа». Удзельнікам прапаноўвалася прайсці жыццёвымі сцежкамі вялікага песняра, прыгадаць цудоўныя радкі з яго твораў. З задавальненнем далучыліся чытачы і да чэленджа «Класічна…патрыятычна: Гродзеншчына чытае Якуба Коласа».
З нагоды юбілею раённая бібліятэка запрасіла школьнікаў на лялечны спектакль «Добрая казка дзеда Якуба». Пастаноўка, адзначаюць бібліятэкары, складзена па матывах беларускіх народных казак у апрацоўцы Якуба Коласа. Прыгадаць жыццёвы шлях таленавітага земляка, убачыць зборы яго твораў прапанаваў тэматычны стэнд. На ўвесь юбілейны год коласаўская спадчына стала здабыткам доўгатэрміновай выстаўкі «Вялікія майстры беларускага слова».