Главная / Новости / Новости района
30.09.2022

Криминальная хроника Свислоччины

У гэтай гісторыі дарэчы выраз – колькі вяровачцы не віцца... Але ўсё па парадку. Са жніўня мінулага года па люты бягучага ў раёне здзейснена серыя крадзяжоў асабістай маёмасці грамадзян з дамоў, якія выкарыстоўваюцца пад дачы. Зламыснікі выносілі ўсё, што ўяўляла каштоўнасць, – электраінструмент, бытавую тэхніку, тэлевізары, прадукты харчавання, закаткі, спіртное. Арудавалі яны на тэрыторыі Ханявіцкага і Навадворскага сельсаветаў. Меркаванне праваахоўнікаў, што гэта справа рук заезджых гастралёраў, пацвердзілася поўнасцю. Аматарамі чужога аказаліся тры жыхары Брэсцкай вобласці з Лунінца і Кобрына. Раней судзімыя, прычым двое з іх – бацька і сын. Мужчыны адзначыліся сваімі чорнымі справамі таксама і на тэрыторыі Ваўкавыскага і Слонімскага раёнаў. Каля 40 крадзяжоў учынілі на Брэстчыне.

На гэты момант аматары чужога знаходзяцца пад вартай. Ідзе судовае разбіральніцтва. Згодна з заканадаўствам, за крадзяжы ў асабліва буйным памеры прадугледжана адказнасць у выглядзе пазбаўлення волі ад 3 да 12 гадоў.

***
Мужчына і жанчына некаторы час сумесна пражывалі. Але ў адзін момант зразумелі, што не падыходзяць адзін аднаму і расталіся. Аднак сужыцель палічыў, што ён можа прэтэндаваць на некаторую маёмасць сваёй былой. Выбраўшы зручны момант, ён пранікаў у яе дом, адкуль адзін раз выкраў грошы, другі – залатыя вырабы, трэці – дакументы (кіроўчае пасведчанне).

Жанчына звярнулася ў праваахоўныя органы. Былы сужыцель прызнаўся ў зробленым, усё выкрадзенае вярнуў. Акрамя таго, яму судом прызначаны штраф у памеры 70 базавых велічынь (2 240 руб.).

***
Жанчына запрасіла пагасціць у Свіслач сяброўку з Ваўкавыска. Учынілі застолле, якое потым перарасло ў бойку. Жанчына прыраўнавала сяброўку да свайго сужыцеля і пачаліся разборкі. Госця аказалася мацнейшай, пачала душыць сваю крыўдзіцельку.

На заезджую госцю ўзбуджана крымінальная справа. Суд прыгаварыў яе да 180 гадзін грамадскіх работ і лячэння ад алкагалізму па месцы пражывання.

Крымінальная хроніка падрыхтавана па паведамленнях раённага аддзела Следчага камітэта

Марына ЯНЮК