У Беларусі стартаваў унікальны праект “Трэці – бацькаў”. Падчас акцыі, ініцыіраванай Беларускай партыяй “Белая Русь”, усе матулі, якія нарадзілі трэцяе дзіця, пры выпісцы з радзільнага дома ці пры рэгістрацыі дзіцяці атрымоўваюць падарункі. Гэта нацыянальную кашулю ў куфары з асабістай нацыянальнай легендай. Па легендзе куфар з кашуляй будзе перадавацца ў сям’і з пакалення ў пакаленне.
На Свіслаччыне першую “Бацькаву кашулю”, менавіта такую назву яна мае, уручылі сям’і Сцепанчук з Вердамічаў, а, калі дакладней, маленькай Веры, якая нарадзілася 2 чэрвеня, як раз пасля Міжнароднага дня аховы дзяцей, з якога і стартавала акцыя.
У Вердамічскім сельсавеце спачатку адбылася регістрацыя нараджэння і ўручана пасведчанне і падарунак. Старшыня сельсавета Алена Салавей павіншавала Таццяну і Віталія Сцепанчук з гэтай нагоды і пажадала ўсяго добрага шматдзетнай сям’і, якая толькі што атрымала гэты статус.
У гэты важны дзень ад імя кіраўніка дзяржавы падарунак – куфар з бацькавай кашуляй – перадаў сям’е Сцепанчук старшыня раённага Савета дэпутатаў, старшыня раённага аддзялення Беларускай партыі “Белая Русь” Віктар Суботка.
– У вашай сям’і сёння знакавая падзея, – падкрэсліў Віктар Суботка. – Прыемна, што партыя “Белая Русь” выступіла з такой ініцыятывай і арганізавала такі значны праект “Трэці – бацькаў”. Адметны той факт, што, па-першае, ваша сям’я першая ў раёне атрымлівае такі каштоўны падарунак. Па-другое, што вы з’яўляецеся членамі партыі “Белая Русь”. Што ўдвая прыемна. А што датычыцца мер дзяржаўнай падтрымкі шматдзетнай сям’і, яны сёння вельмі шматгранныя. Здароўя вам і вашым дзецям.
Павіншавала таксама сям’ю прадстаўнік маладзёжнага крыла “Iскра” раённага аддзялення партыі “Белая Русь” Екацярына Даніловіч.
У сям’і Сцепанчук выхоўваюцца ўжо двое старэйшых дзетак. Дачка Васіліса пойдзе ў чацвёрты клас, сын Захар – у першы. З’яўлення на свет сястрычкі Веры яны чакалі з нецярплівасцю, а тым больш гэта падзея стала дваякім святам.
– Вельмі прыемна, што мы першымі ў раёне сталі ўдзельнікамі такой акцыі. Атрымаць падарунак ад Прэзідэнта – гэта вялікі гонар. Мы ўдзячныя за ўвагу да нашай сям’і. З гэтага моманту мы ўжо асэнсоўваем статус шматдзетнай, – сказала Таццяна Сцепанчук.
Праект “Трэці – бацькаў” – шматбаковая ініцыятыва, галоўнай мэтай якой з’яўляецца павышэнне дэмаграфічнай сітуацыі ў краіне, папулярызацыя сямейных каштоўнасцяў і павышэнне прэстыжу шматдзетнай сям’і. Ён рэалізуецца ў партнёрстве з Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны, Міністэрствам аховы здароўя, Міністэрствам юстыцыі і канцэрнам ”Беллегпрам”.
Марына ЯНЮК
Фота аўтара