Наказ ад дзіцяці вайны Ганны Гінч: «Людзі, беражыце мір!»
Іх ужо амаль не засталося, тых, каго разбудзілі выбухі ранкам 22 чэрвеня 1941 года. У нашым раёне дарослых наогул няма, а дзяцей толькі адзінкі. Яны даўно пастарэлі, заўчасна пасівелі, пражылі нялёгкае жыццё. Але дзесяцігоддзі не здолелі сцерці з памяці тое, што прыйшлося перажыць у дзяцінстве. Наадварот, чым больш праходзіць часу, тым выразней усплываюць у памяці тыя страшныя часы, і ад болю рвецца ў шматкі душа.
Тым, хто нарадзіўся пасля вайны, цяжка зразумець людзей, якія прайшлі праз яе пекла. Можа, нават немагчыма. Мы шмат ведаем: чулі, чыталі, бачылі ў кіно, але ж гэта непараўнальна з тым, што бачылі і адчувалі ў вайну людзі, асабліва дзеці. Бо ведаць і адчуваць – гэта розныя паняцці, наогул несумяшчальныя.
Ганне Андрэеўне Гінч споўнілася ўсяго 11 гадоў, калі грымнула вайна. 85 гадоў мінула, а яна памятае ўсё так, нібы ўчора было, хоць ёй ўжо дзевяноста сёмы год пайшоў.
– Ці памятаю, як вайна пачыналася? – перапытвае мяне сівая бабулька. – А ці ж пра такое можна забыцца? Нас у мамы дзевяцёра было, а я – малодшая. У Ліхасельцах мы жылі, зараз гэта Каліноўская. Тата памёр, калі мне шэсць месяцаў усяго было, нас мама адна падымала. Вось прыбегла яна напалоханая і кажа: “Дзеткі, вайна!” А я ж малая, што там разумела: ну, вайна ды вайна. А мама крычыць, што хутчэй трэба збірацца і ў лес уцякаць. І мы ўцякалі. Карову з сабой узялі, нават свіней. І не толькі мы, многія вяскоўцы таксама беглі. Думалі, мусіць, што ненадоўга тая вайна, што зараз скончыцца, прыйдзем дахаты і будзем жыць, як жылі. А дзе там…
Ганна Андрэеўна працягвае:
– Вярнуліся дадому, а ў вёсцы ўжо немцы. Вось тады і зразумелі мы, што такое вайна... То там, то тут чуліся стрэлы, нямецкая лаянка, то аўчаркі іхнія брахалі, рваліся з павадкоў, гатовыя былі разарваць любога. Божа ж мой, як было страшна! Якія яны паганыя былі, тыя немцы. Ідуць па вуліцы, боты грукаюць, і той грукат у галаве рэхам адгукаецца. Мы такія напалоханыя былі, не выказаць! Нават маленькія дзеці плакаць баяліся, ды што там дзеці, сабакі баяліся брахаць, з будаў не вылазілі, куры ў куткі забіваліся ад страху. А немец, бывала, зловіць курыцу, возьме двума пальцамі за галаву, стукне аб сцяну ці падлогу, і тая ляжыць нежывая. А фашыст рагоча, смешна яму. З аўтаматамі прыходзілі, патрабавалі масла, “млека”, яйкі. Каб нагнаць яшчэ больш страху, наставіць аўтамат, шчоўкне затворам і зноў рагоча. А ў нас сэрцы гатовы выскачыць. Суседа нашага застрэлілі за сувязь з партызанамі. Але людзі ўсё роўна партызанам дапамагалі, і мама наша прадукты ім давала, карміла, калі ноччу прыходзілі. Людзі ведалі, што вельмі рызыкуюць, што, калі немцы даведаюцца, могуць расстраляць цэлымі сем’ямі, але ж нянавісць да ворага і жаданне, каб хутчэй выгналі праклятых фашыстаў з нашай зямлі, былі мацнейшымі за той страх.
Побач з нашым домам камендатура нямецкая была. Кухня іх там стаяла. Мяне ганялі бульбу абіраць. Куды ж дзенешся – абірала, хоць трэслася ад страху.
Вось у такім пекле пражылі больш як тры гады. Брат мой старэйшы на фронт у 1944-м пайшоў, а другога не ўзялі з-за праблем са здароўем. Двое маіх братоў маладымі памерлі, а ўсе астатнія выжылі. Маме цяжка было, але каму тады было лёгка?
Змахваючы слёзы з маршчыністага твару, бабуля дае наказ сучаснікам:
– Дзеткі, вось што я вам скажу: няма нічога страшнейшага за вайну. І сёння, калі ў свеце такое напружанае становішча, хочацца крыкам крычаць: “Людзі, беражыце мір, каб дзеці, унукі, праўнукі ніколі не пачулі выбухаў і стрэлаў, каб матулі не жылі ў страху за сыноў і дачок”.
О важном и интересном в районе, области и стране в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!