Жыцця дарога – вышыты рушнік
Свята рушніка ў аграгарадку Корнадзь сёлета прайшло трэці раз і пачалося з рушніковага карагода. Усе, хто прыйшоў на гэты прыгожы фэст, уключыўся ў танок. Прыемна было бачыць у ім і дзетак, тых, хто заўтра перайме традыцыю сваіх бабуль і прабабуль, вышываючы ўзоры на рушніках.
Рушніковы свет Корнадзі
А ў тым, што так будзе, няма сумнення, таму што менавіта тут, у Корнадскай школе, створаны музей рушніка, які існуе ўжо больш за дзесяць гадоў. У адну скарбонку сабраны незлічоныя каштоўнасці, перададзеныя школе жыхарамі Корнадзі і другіх навакольных вёсак. Тыя рушнікі вышылі рукі самабытных майстрых, якія былі амаль непісьменныя, затое ведалі сакрэты рушніковай мовы, умелі на тканых палосках тканіны выразіць усю аснову жыцця. Нашы продкі зналі напамяць тую мову і валодалі ёй дасканала. Чалавечы лёс, вышыты на палатне, думкі і мары, зашытыя ў рушніковы ўзор, не адно стагоддзе здзіўляюць і натхняюць нас.
Расказаць аб гэтым стала асноўнай мэтай свята, якое наладзілі загадчык Корнадскага сельскага філіяла-клуба Аксана Кулініч разам з культарганізатарам Галінай Ганчарэвіч, дырэктарам мясцовай школы Вольгай Лысевіч і навучэнцамі школы. І гэта ім удалося, як і многае другое, што гэтыя таленавітыя жанчыны задумваюць разам і потым здзяйсняюць усё задуманае. Свята рушніка, дарэчы, – адна з іх цудоўных задумак.
Але вернемся да свята. Спачатку ўсе ўдзельнікі накіраваліся ў школу, каб наведаць славуты музей. Але перш, чым трапіць туды, трэба бало прайсці праз рушніковыя брамы, кожная з якіх мела свой сакрэт, сваё накіраванне. Дзяўчаткі і хлопчыкі прапускалі праз “брамы” гасцей з самымі добрымі прывітаннямі і пажаданнямі. У музеі таксама цёпла віталі ўсіх, хто прыйшоў на свята. Дзеці расказвалі пра даўнія традыцыі, пра тое, што нельга забываць у наш век вялікіх тэхналогій, бо ніякі штучны інтэлект ніколі не параўнаецца з чалавечай мудрасцю, з векавымі асновамі, народжанымі народам.
За таленавітыя рукі
На свяце былі ўшанаваны не толькі рушнікі, а і беларускія стравы, якія прадставілі работнікі ўстаноў культуры з Вердамічаў, Нязбодзічаў, Вялікага Сяла. А свае вырабы, плеценыя з травы, звязаныя кручком прынесла на свята мясцовая майстрыха Аліна Алюшкевіч. Нельга было не падзіўляць, наколькі таленавітыя ёсць людзі, і якія яны ўмеюць ствараць цуды.
Вярнуцца ў мінулае дапамог і абрад “Вяселле”, прадстаўлены на сцэне работнікамі Свіслацкага цэнтра культуры і народнай творчасці. Сумныя песні, якія выконвалі калісьці нашы прабабулі, выпраўляючы маладую да вянца, не маглі не закрануць самыя тонкія струны душы.
Шмат цёплых слоў было сказана ў гэты дзень у адрас мясцовых майстрых, якія прынеслі свае вырабы, каб яны сталі ўпрыгожаннем свята. Жанчынам былі ўручаны падарункі. Не забыліся на свяце і пра сем’і-юбіляры, якія паўстагоддзя назад стаялі перад алтаром на вышытым рушніку і абяцалі адзін аднаму вернасць, пакуль будуць біцца сэрцы. А гэта Ірына і Антон Мархалюкі, Зінаіда і Міхаііл Шырынгі.
Прыгожым атрыбутам свята стаў румяны каравай, выпечаны ўмелымі рукамі Алены Мар’янавай.
Ад імя Навадворскага сельвыканкама падарункі атрымалі жыхары Корнадзі, якія дапамагалі ў добраўпарадкаванні аграгарадка. Свае песні дарылі артысты са Свіслачы, а таксама арганізатар і вядучая свята Аксана Кулініч.
О важном и интересном в районе, области и стране в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!
Ядвіга КОБРЫНЕЦ
Фота аўтара