Главная / Новости / Новости района
15.10.2024

У Дзень маці адбылося ўшанаванне сем’яў

З першых хвілін жыцця і да апошняга дыхання нашым анёлам-ахоўнікам з’яўляецца маці. Нас вядуць па жыцці матуліна любоў і пяшчота, саграе і аберагае матуліна малітва, у яе сэрцы баліць наша боль, яе вочы плачуць нашымі слязьмі, яе плечы згінаюцца пад цяжарам нашых праблем, а на скроні бялюткім снегам асядаюць нашы грахі іі памылкі. І неверагодным святлом радасці і лагоды свецяцца іх твары, гледзячы на шчаслівых дзяцей, унукаў, якім гонарам перапаўняюцца іх душы, калі бачаць іх поспехі і дасягненні. Як умеюць цешыцца яны нашым радасцям, нашым узлётам.


У пару бабінага лета да нас прыходзіць свята – Дзень маці. Дзень, які абавязвае схіліць калені перад той, якая дала жыццё, няньчыла, песціла, любіла, шкадавала, і сказаць ёй шчыры дзякуй за недаспаныя ночы і калыханку, за матуліну казку, за падарункі на дзень нараджэння, за святочныя пірагі, за вясельныя сталы і матчына благаславенне.

Сёлета ў Беларусі святкуюць не толькі Дзень маці, але і Дзень бацькі. Бо хто, як не бацька, моцны, добры, шчыры, павінен быць галоўнай і надзейнай апорай, падтрымкай і для жонкі, і для дзяцей?

Ад аднаго свята да другога – сем дзён. Тыдзень бацькоўскай любові – так названы гэтыя сем дзён, калі нашы бацькі павінны пачуць ад нас самыя шчырыя словы падзякі за вялікае цярпенне, за іх вялікую і чыстую любоў.

Напачатку гэтага тыдня, менавіта ў Дзень маці, адбылося ўшанаванне сем’яў, для якіх гэта не проста слова, а галоўны сэнс жыцця. Сімвалічна што сустрэча была праведена ў ЗАГСе, месцы, з якога пачыналася сямейнае жыццё, дзе два лёсы аб’ядноўваліся ў адзін – шчаслівы і непарушны.

На гэтую сустрэчу былі запрошаны 15 шлюбных пар, якія праз шмат гадоў пранеслі па жыцці любоў і вернасць. З прывітальным словам да іх звярнуўся старшыня Свіслацкага райвыканкама Андрэй Грыцкевіч:


– Сёння асаблівае свята: не толькі Дзень маці, а і Пакроў Святой Багародзіцы. Такое кароткае слова “мама” нясе з сабою столькі святла, столькі пяшчоты, успамінаў. Так хочацца, каб нашы матулі атрымлівалі толькі добрыя весткі ад сваіх дзяцей, каб яны неслі ім толькі любоў і падзяку. А бацькам нашым таксама хочацца сказаць дзякуй за тое, што мы, дзеці, заўсёды можам абаперціся на іх моцнае плячо, параіцца з імі, атрымаць мужчынскую падтрымку. У нашым раёне ёсць шмат сем’яў, якія можна назваць узорнымі. Дзякуй вам за тое, што вы выхоўваеце добрых дзяцей, з’яўляецеся для іх прыкладам. Са святам вас!

А потым адбылося знаёмства з сем’ямі, запрошанымі на свята. А гэта Алена і Аляксандр Анісені, якія гадуюць траіх сыноў. Алена і Аляксандр Вакульчыкі. Іх старэйшыя сынок і дачка ўжо атрымліваюць вышэйшую адукацыю, а мадодшыя, дачушка і сынок, яшчэ вучацца ў школе. Анастасія і Яўген Дудакі, у якіх падрастаюць дзве дачушкі. Вольга і Аляксандр Федарчукі. Іх дачушкі ўжо выраслі, вывучыліся і працуюць. Алена і Уладзімір Якімюкі. У сям’і трое дзяцей. Людміла і Аляксандр Фунт, выгадавалі траіх дачушак і маюць нават траіх унучанят. Аксана і Іван Пажарыцкія гадуюць чацвёра дзетак. Алена і Сяргей Балейкі выгадавалі дваіх сыноў. Таццяна і Мікалай Пажарыцкія. Іх трое дзяцей – яшчэ школьнікі. Святлана і Андрэй Адамчыкі. Старэйшыя сын і дачка ўжо дарослыя, а малодшанькая ходзіць у дзіцячы сад. Вікторыя і Рыгор Аксёнавы. У іх таксама трое дзетак, усе яшчэ школьнікі.Таццяна і Алег Леванчукі. Старэйшыя дачка і сын ужо дарослыя, а малодшы сынок – вучань 5-га класа. Юлія і Уладзімір Байко маюць дваіх сыноў, адзін ужо студэнт, а другі вучыцца ў 5-м класе. Ала і Рустам Джабаравы. Яны далі жыццё чатыром сынам. Алена і Аляксей Магіла. Гадуюцца ў сям’і дзве дачушкі і сынок.















На гэтым свяце прагучалі добрыя словы ў адрас кожнай сям’і, у адрас іх дзетак, якія радуюць бацькоў сваімі поспехамі, добрымі адзнакамі, талентамі.


Усім матулям былі ўручаны на памяць аб свяце белыя ружы, і ніхто не застаўся без падарунка.

Шчырыя словы падзякі і пашаны ўсім бацькам за іх клопат і любоў выказалі старшыня Свіслацкага раённага Савета дэпутатаў Віктар Суботка, намеснік старшыні райвыканкама Юрый Кулікоў, загадчык сектара ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Ірына Паўлючэня. Запрошаныя бацькі, у сваю чаргу, таксама з удзячнасцю звярнуліся да арганізатараў сустрэчы.


Юлія БАЙКО:


– Мама – гэта самае цёплае слова, самае трапяткое. Ад мамы пачынаецца жыццё. А ўсе мы – дзеці нашай сінявокай зямлі – Беларусі. Я хачу, карыстаючыся нагодай, падзякаваць нашаму Прэзідэнту, бацьку беларускага народа, за тое, што ў нас над галавою чыстае неба, за спакой у душы, у кожнай сям’і, кожным матчыным сэрцы.

Андрэй АДАМЧЫК:


– Хочацца пажадаць усім нашым жанчынам, каб яны заўсёды адчувалі сябе каханымі, каб у кожнай сям’і былі лад і згода, каб раслі шчаслівымі нашы дзеці.

Таццяна ЛЕВАНЧУК:


– У нас у Беларусі шмат розных святаў. Але сённяшняе аб’ядноўвае ўсіх жыхароў нашай краіны. Гэта своеасаблівы дзень падзякі жанчыне. Якая дзевяць месяцаў носіць дзіця пад сэрцам і ўсё жыццё – у сэрцы. Тое сэрца баліць за кожную драпіну дзіцяці, за кожную яго памылку. Гэты тыдзень бацькоўскай любові дадзены нам для таго, каб мы маглі падзякаваць сваім бацькам і атрымаць падзяку ад нашых дзяцей. Мы павінны ўкласці ў галовы нашых дзяцей правільныя традыцыі, сфарміраваць пэўныя каштоўнасці, навучыць любіць, цаніць і паважаць бацькоў, дзядоў.  

Алена БАЛЕЙКА:


 Сёння тут сабраліся людзі, якіх аб’ядноўвае адно галоўнае пачуццё – любоў да сваіх дзяцей. Бацькоўская любоў здольная тварыць цуды. Яна можа падняць на ногі, калі, здаецца, няма шанцаў. Я хачу пажадаць усім бацькам, каб ваша любоў, якую вы сёння аддаеце сваім дзецям, ніколі не была неўзаемнай.

Ядвіга КОБРЫНЕЦ

Фота аўтара