Главная / Новости / Новости района
07.08.2024

Ханявіцкія піражкі з Любоўю

На свяце квашаных бліноў у Ханявічах сярод усіх вясковых прыгожа апранутых, усмешлівых гаспадынькаў адна чамусь асабліва запала ў вочы. Гэта Любоў Міхайлаўна Фунт. Неяк яна асабліва вылучалася сярод усіх удзельнікаў. Нават не магу сказаць чым менавіта. Вось зыходзілі ад яе нейкія нябачныя нікому праменьчыкі, ад якіх станавілася так цёпла, светла і радасна на душы. Замілаваная ўсмешка, ясныя, добрыя вочы. Дарэчы, у вясковых людзей амаль ва ўсіх такія ж шчырыя вочы, такія ж адкрытыя твары. І ўсё ж гэтая кабетка нечым адрознівалася. І я зараз ведаю чым! Гэта неверагоднае жыццялюбства, нястрымная энергія, якая б’е цераз край, як вада крынічная, гэта прага да жыцця і любоў да людзей, да сваёй вёскі, да працы, без якой яна не можа ўсядзець ні дня. Вось пра такую жанчыну сёння і пойдзе гаворка. Трэба дадаць, што Любоў Міхайлаўна, акрамя духмяных блінцоў, прыносіла неверагодна смачныя піражкі, прыгатаваныя па рэцэпце яшчэ яе прабабулі. 

Нарадзілася – і заспявала

Бабка Люба добра памятае сваё дзяцінства. Бясконцыя зялёныя палеткі, лясы, у якіх мноства ягад, грыбоў, празрыстыя рэчкі з драўлянымі масточкамі. Як прыгожа квітнелі сланечнікі, а як спявалі птушкі! І маленькай Любачцы таксама ўвесь час хацелася спяваць. Яна спявала і ў хаце, і на двары, і ў полі, калі гусей пасвіла. Вось дзе раздолле было для песень. Голас дзяўчынкі так звінеў на ўсю акругу, што ў вёсцы чутно было.

 “Чуеш, Параска, як твая Любка спявае, – гаварылі суседкі маці. – Артысткай будзе, не іначай. Мусіць, як нарадзілася, так і заспявала”. “Якая там артыстка, – смяялася мама, – замуж пойдзе, будзе не да спеваў”. 
Любка расла-падрастала, а спяваць яшчэ больш хацелася. Праполвае агарод – спявае, у лес ідзе па дарозе – спявае. А ўжо ў лесе так спявалася дзяўчыне, што здавалася, усе дрэвы ёй падпявалі хорам. А да таго ж яшчэ і танчыць любіла. Ніхто з дзяўчат у вёсцы не мог з ёю паспаборнічаць у танцах. Хлопцы каля яе віліся, як пчолкі каля кветкі. Але “кветачка” тая другому была суджана.

“Я яго песнямі прычаравала”

– Я нарадзілася ў Запарожскай вобласці. Раённым цэнтрам быў Мелітопаль, – пачынае гаворку Любоў Міхайлаўна. – У нас такая вялікая прыгожая вёска была, такая дружная. А мама мая караваі на вяселлі выпякала, пірагі, хлеб пякла, коржыкі смачныя, піражкі, варэнікі рабіла такія, што смак іх да сёння памятаю. Вось як! А я ў яе, вядома, усяму вучылася. Нас у мамы сямёра было. Я – пятая. Падрасла, пайшла вучыцца на прадаўца. Вывучылася і ўжо працаваць пачала. А тут стрыечны брат на вяселле паклікаў. 
Паехала. Шумна было, моладзі многа, музыка. А я ж таксама вясёлая, маладая, 19 толькі споўнілася! Калі яшчэ весяліцца, як ні ў гэты час?! Пачала спяваць – людзі заслухаліся, пайшла танчыць – усе захапляліся. І адзін хлопец проста прыліп да мяне. Вачэй не зводзіў, два дні не адыходзіўся. І мне ён спадабаўся. Толькі з ім і танчыла. А ён таксама да танцаў быў здольны. Вось на нас абодвух госці любаваліся! Аляксандрам яго звалі, і быў ён з Беларусі. 

Скончылася тое вяселле, паехала я дадому. А Аляксандр пачаў прасіць майго дзядзьку, каб паехаў з ім у сваты да мяне. Дзядзька згадзіўся, і прыехалі мяне сватаць. “Прыспявала” ты мяне, – казаў Саша, – не магу без цябе цяпер”. А я смяялася, рада была і не адмовіла. У лістападзе адгулялі вяселле. Праз год дачушка ў нас нарадзілася – Волечка, а за ёю – сынок Васілёк. Жылі спачатку ў таго дзядзькі, які ў сваты прывозіў майго Сашу. Ён там працу меў. А я зацяжарала трэцім дзіцяткам, і мы пераехалі да маіх бацькоў. Але нядоўга жылі там – муж захацеў вярнуцца ў Беларусь. 

Тут пусцілі карані

Любоў Міхайлаўна міла ўсміхаецца, успамінаючы свае юнацкія гады. А потым расказвае мне, як яны прыехалі ў Сабалькі, на вотчыну мужа. Як тут паціху наладжвалі жыццё. 

– Спачатку мы жылі ў мужавых бацькоў, – кажа Любоў Міхайлаўна. – Там і сыночак наш трэці нарадзіўся, Віктар. Муж хацеў знайсці працу ў Бераставіцкім раёне, але старшыня калгаса імя Чкалава Васіль Кудлаш прапанаваў працу і мне, і мужу ў Ханявічах. Далі нам дом: вялікі, прасторны. Ах, як мы цешыліся! У дзяцей былі свае пакоі, усім хапала месца. У школу тут пайшлі, а я працавала спачатку на цялятніку, а потым, калі свінакомплекс пабудавалі, перайшла туды. Амаль дваццаць гадоў там адпрацавала. Тут мы карані пусцілі, і няма нідзе лепшага месца на свеце. Дзеці павырасталі, дачушка ў Ваўкавыску жыве, двое дзетак мае. Сыны абодва ў Ружанах. 

Дзесяць унукаў маю. Яны мая радасць і шчасце. Большага мне і не трэба. Муж ужо памёр. Дзевяць гадоў мінула, як я заўдавела. Але не губляю прагу да жыцця. Хаджу ў мясцовы клуб, спяваю, удзельнічаю ва ўсіх мерапрыемствах. Іначай не ўмею. Пакуль чалавек жыве, ён павінен цешыцца кожным пражытым днём і дзякаваць за яго Богу. 

Піражкі па рэцэпце прабабулі

– Любоў Міхайлаўна, а рэцэптам сваіх піражкоў знакамітых падзеліцеся са мной? – пытаюся ў жанчынкі.

– А чаму не? Падзялюся. Так яшчэ мая прабабуля смажыла іх. Я адразу шмат раблю, бо хутка з’ядаюцца. У міску выліваю 1 літар кефіру, сыплю трошкі солі, трошкі цукру і дадаю прасеяную муку. Вымешваю спачатку лыжкай. Калі ўжо цяжка становічцца мяшаць, прысыпаю стол мукою і выкладваю ўсё на стол. Вымешваю ўжо рукамі на стале і пасыпаю цеста содай, патрэбна 1 сталовая лыжка. І зноў мяшу цеста. Доўга, пакуль не стане эластычным і перастане ліпнуць да рук. Выкладваю ў міску ці каструлю, накрываю сурвэткаю альбо ручніком і пакідаю на 40-50 хвілін. Яно павінна падыйсці. Ну а потым адрываю па кусочку, фармую шарык, раскачваю на стале і дадаю начынку. Любую. Можна капусту, павідла, яблыкі, мяса. Гэта ўжо, хто як хоча. На стале яны таксама павінны трохі паляжаць, толькі накрыць, каб не скарэлі. А потым на патэльню выліваю алей, і калі ён добра нагрэецца, выкладваю туды піражкі. Смажу з аднаго боку, потым пераварочваю. Усё. Можна падаваць на стол! Як бачыце, няма сакрэту ніякага. І лёгка, і хутка!
Я згаджаюся з бабуляй Любай і дадаю: “А яшчэ і смачна!”

Ядвіга Кобрынец 
Фота аўтара