Главная / Новости / Новости района
16.10.2024

З гліны нараджаюцца цуды

Хто калі першы раз узяў у рукі камяк гліны і нешта з яго зляпіў, мы ўжо ніколі не даведаемся. Канулі ў Лету імёны першых майстроў, прыдумаўшых ганчарнае кола і тых, хто на тым коле стварыў  першы гляк ці збанок. Але многія ўнікальныя тварэнні старажытных майстроў перажылі тысячагоддзі і захаваліся да нашых дзён, пераканаўча засведчыўшы, што сапраўднае мастацтва непадуладна часу. І сёння, калі ў любой краме можна знайсці мноства посуду для любых мэтаў, вырабы з гліны па-ранейшаму карыстаюцца попытам. Па-ранейшаму круціцца ганчарнае кола, і ў руках майстра нараджаюцца цуды.

З такімі цудамі ў наведвальнікаў Свіслацкага гісторыка-краязнаўчага музея была магчымасць сустрэцца на выстаўцы таленавітага майстра,  Кераміста з вялікай літары і мастака-самародка Яўгена Мацяшука. Тое, што ён стварае на ганчарным коле – не проста вырабы, гэта сапраўдныя творы мастацтва. Кожны яго збанок, гляк, гарлачык міска ці кубак – неверагодна тонкая, далікатная, проста ювелірная работа. Нават у рукі ўзяць боязна, каб неасцярожным рухам не пашкодзіць гэты гліняны цуд. Гэта ж якое павінна быць уяўленне прыгажосці, вытанчаннасці, каб такое стварыць?! І не толькі на коле. Фантазія майстра бязмежная. Велікодныя яйкі, якія ён стварыў сваімі рукамі здзіўляюць, захапляюць, не паддаюцца ніякаму ўяўленню. На конкурсе лепшых сучасных пасхальных яйкаў Яўген двойчы атрымаў дыплом пераможцы. І не дзіўна!

 Я ўжо гадоў трыццаць працую з глінай, – расказвае Яўген. – Як аднойчы ўзяў яе ў рукі, адчуў цеплыню, пластычнасць гэтага матэрыяла, так і не растаюся да сёння. Гэта вельмі цікава, захапляльна. Спачатку я ляпіў з гліны розныя фігуркі, цацкі, а потым вырашыў паспрабаваць рабіць посуд. Сам зрабіў ганчарнае кола. Спачатку простае, а потым электрычнае. Маім настаўнікам лічу Уладзіміра Паплаўскага з Поразава. Ён мне паказаў першыя азы гэтага рамяства. З тых пор я не растаюся з ганчарным колам, удасканальваю майстэрства, прыдумоўваю нешта новае.


На выстаўцы таксама прадстаўлены карціны Яўгена Мацяшука. А гэта пейзажы, нацюрморты, партрэты, графіка. У кожным творы душа мастака, Майстра з Божым дарам.

Каб бліжэй пазнаёміцца з творчасцю таленавітага майстра выстаўку Яўгена Мацяшука наведалі намеснік старшыні Свіслацкага райвыканкама Юрый Кулікоў, загадчык сектара ідэалагічнай работы і па справах моладзі Ірына Паўлючэня.  

Галоўны захавальнік фондаў музея Вольга Трахімік адзначыла, што выстава Яўгена адкрылася ў юбілейны год. 50 гадоў таму была адкрыта першая музейная выстаўка. 15 гадоў мінула з дня адкрыцця выставачнай залы. За паўвека было шмат чаго зроблена, абноўлена, і сёння музей мае сучасны выгляд, прадстаўляе сабою сапраўдны храм мінулых дзён і сучасных падзей.


Яўген коратка пазнаёміў наведвальнікаў выстаўкі са сваім творчым шляхам, падкрэсліў, што яго майстэрства прераймае сын Раман, які ўжо робіць у гэтым накірунку прыкметныя крокі. Вось на міжнародным конкурсе ганчароў “Гліна спявае”у намінацыі “Лепшы ганчарны посуд”, на якім Яўген Мацяшук стаў пераможцам, Раман  быў адзначаны дыпломам “Творчы дэбют”. Конкурс праходзіў у рамках Міжнароднага цэнтра народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў Копысі.

Гэта акурат той выпадак, калі “яблык” ад “яблыні” упаў недалёка. Бацька можа ганарыцца сваім таленавітым сынам, ёсць каму перадаць усе таямніцы высокага майстэрства.

Гэта падкрэсліў і Юрый Кулікоў, які высока ацаніў талент майстра і мастака, выказаў самыя шчырыя словы захаплення. Ён адзначыў, што наш раён наогул багаты на таленавітых і самабытных майстроў, у розных галінах. Юрый Валянцінавіч падзякаваў Яўгену Мацяшуку за падораныя хвіліны задавальнення, пажадаў поспехаў на творчым шляху.


 Добрыя словы у адрас таленавітага самародка прагучалі ад Ірыны Паўлючэні, супрацоўніцы музея Святланы Сыраежка, культарганізатара цэнтра культуры і вольнага часу Надзеі Карпюк, настаўніка Свіслацкай дзіцячай школы мастацтва Сцяпана Чудакоўскага і другіх наведвальнікаў выстаўкі.  


Ядвіга КОБРЫНЕЦ

 

Фота аўтара