Главная / Новости / Новости района
03.12.2024

Журчы, “Крынічанька”

Народны фальклорны гурт “Крынічанька” Свіслацкага цэнтра культуры і народнай творчасці, нязменным кіраўніком якога з’яўляецца Ірына Ягорава, адзначыў свой 35-гадовы юбілей. Гэты цудоўны калектыў артыстаў з народа на працягу трох з паловай дзесяцігоддзяў дорыць гледачам свае песні. Гурт вельмі адпавядае сваёй назве.

Народныя песні, тыя, што ім спявалі матулі ў дзяцінстве, тыя, з якімі яны самі ішлі па жыцці, выліваюцца з самага сэрца, як чысцюткая вада з крыніцы.  

Самыя першыя ўдзельніцы, якіх сабірала Ірына, ходзячы з хаты ў хату, звонячы па тэлефону бабулям, якія былі пеўчымі ў царкве, на жаль, ужо адышлі ў нябыт.  Але іх светлыя імёны назаўсёды ўпісаны ў гісторыю культурнай спадчыны раёна. Вера Лукша, Вера Жук, Надзея Зімакова, Соф’я Грушэўская, Вольга Дарошына, Ніна Барэль, Надзея Пракаповіч, Аляксандра Шапель, Ніна Ярош, Марыя Пачэбут, Зінаіда Станкевіч, Марыя Зубрыцкая, Марыя Габец, Таісія Чарада, Станіслава Несцяровіч. Няма на свеце і музыкантаў, якія рэпетыравалі з бабулямі. Гэта Тадэуш Лапошка, Георгій Вырко.  



Першыя рэпетыцыі! Такія цёплыя, такія сяброўскія. Кожны раз прыносілі бабулькі новыя песні, і яны бясконца гучалі, чароўным рэхам разносячыся па ўсіх калідорах Дома культуры. Першае выступленне калектыва адбылося на свята Вялікдзень. Тады ўся Свіслач і госці горада змаглі паслухаць, як пяе “Крынічанька”. З імправізаванай сцэны першы раз  ва ўсю моц загучаў гімн Уваскросламу Хрысту, адгукаўся ў кожным сэрцы гаражан, гасцей, прыехаўшых з розных куточкаў раёна. Як гэта было хораша, як цудоўна, святочна, урачыста!А потым пачаліся незлічоныя творчыя вандроўкі “Крынічанькі”. Канцэрты з удзелам гурта прайшлі ва ўсіх Дамах  культуры і клубах раёна, а затым за яго межами. Ваўкавыскі, Мастоўскі Лідскі, Бераставіцкі раёны Гродзеншчыны, Пружанскі раён Брэстчыны, горад Гродна… 



У кіраўніка гурта узнікла ідэя выступіць на беларускім тэлебачанні. Па ўспамінах удзельніц гурта быў напісаны сцэнарый Свіслацкага вяселля. Вялікую дапамогу ў яго напісанні аказаў і заслужаны дзеяч культуры, краязнаўца Аляксандр Палубінскі. Задумана-зроблена! “Свіслацкае вяселле” з вялікім поспехам прайшло на тэлебачанні. Гурт “Крынічанька” з абрадам “Свіслацкае вяселле” быў запрошаны ў Гродзенскае культурна-асветніцкае вучылішча (зараз коледж мастацтваў), дзе навучэнцы апладзіравалі стоячы. Гэта быў поспех, гэты быў трыумф! 


Гурт запрасілі ў Польшчу. Там ён прымаў удзел у конкурсе фальклорных песень, у свяце “Купалле”, а потым прывёз у суседнюю краіну “Свіслацкае вяселле”. Гэта былі незабыўныя, цёплыя і шчырыя сустрэчы. Даспадобы гледачам быў і абрад “Хрэсьбіны”, які калектыў прадставіў пазней.

У другім саставе спявалі свае незабыўныя песні Анна Анікей, Галіна Мілько, Ірына Шыдлоўская, Валянціна Багалейша, Анастасія Бочкіна, Вольга Янецкая, Зоя Рыбкіна, Зінаіда Далідоўская. Нікаторыя з іх прыйшлі павіншаваць гурт з днём нараджэння, пажадалі поспехаў і гарачых апладысментаў.

  
 Сёння ў “Крынічанькі” ужо трэці састаў. Не меньш таленавіты і галасісты. Свае песні дораць гледачам Марыя Гінч, Валянціна Лапошка, Алена Мухарская, Тамара Лявіцкая, Любоў Мазырка. Іх цудоўныя песні гучаць на ўсіх мерапрыемствах, якія праводзяцца ў Свіслачы, іх запрашаюць установы культуры раёна на свае свята. 
А колькі за гэтыя тры з паловай дзесяцігоддзі “Крынічанька” атрымала ўзнагарод як абласнога, так і рээспубліканскага ўзроўняў. Цяжка пералічыць! Акампаніятарам “Крынічанькі” шмат гадоў з’яўляецца Віктар Барэль і адзіным кіраўніком таленавітая, такая ж галасістая і самавітая Ірына Ягорава. 

І вось юбілейны канцэрт “Крынічанькі”. Шчырыя словы падзякі за доўгі творчы шлях выказала артыстам з народа загадчык сектара культуры райвыканкама Ірына Гутар. Яна пажадала народнаму гурту далейшых поспехаў, новых перамог ва ўсіх фестывалях і конкурсах і шчырай любові гледачоў. 


Зноў гучалі цудоўныя, непаўторныя, мілагучныя народныя песні. І не толькі. Гледачам вельмі спадабаліся вясельны абрад збірання нявесты да вянца, гумарыстычныя сцэнкі, у выкананні артыстаў гурта. Каб павіншаваць “Крынічаньку”, на яе 35-ы дзень нараджэння з’ехаліся артысты з клубных устаноў раёнаа. Свае песні дарылі такія ж самавітыя і таленавітыя артысты народнагя фальклорнага гурта “Спадчына” з Грынок, аматарскае аб’яднанне “Вердаміцкія весялухі”. Шмат задавальнення падарылі юныя танцоры Свіслацкага цэнтра культуры і і народнай творчасці “Усмешка”. А потым зноў і зноў выходзіла на сцэну “Крынічанька”. Звінелі, пераліваліся цудоўныя галасы, і будуць звінець, як звініць, пераліваецца, нястомна журчыць вада ў крыніцы.

Ядвіга КОБРЫНЕЦ